КАРАЗІЙНАЎСТО́ЙЛІВЫЯ МАТЭРЫЯ́ЛЫ,

металічныя і неметалічныя матэрыялы, якія не разбураюцца пад уздзеяннем агрэсіўных асяроддзяў — кіслот, шчолачаў, солей, кіслароду, вільгаці і інш.

Да метал. К.м. адносяцца нержавеючыя сталі (хромістыя, хроманікелевыя, хроманікельмарганцавыя), чыгуны, бронза, высакародныя металы і інш.; да неметалічных — матэрыялы неарган. (андэзіты, граніты, баштаўніты, каменнае ліццё, кварцавае шкло, сіталы, кіслотатрывалая эмаль, кераміка) і арган. (прыродныя бітумы, смолы, поліэтылен, полістырол, фторапласты, пластычныя масы, графітапласты, графітна-вугальныя матэрыялы і інш.) паходжання. Каразійную ўстойлівасць матэрыялаў павышаюць легіраваннем, нанясеннем ахоўных пакрыццяў і інш. Выкарыстоўваюць у вытв-сці хім. апаратуры, трубаправодаў, арматуры і інш. вырабаў, прызначаных для эксплуатацыі ў агрэсіўных асяроддзях.

А.​І.​Гараст.

т. 8, с. 45

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)